СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1670—71 у Расіі, Разіна паўстанне,
масавы антыўрадавы рух казакаў, прыгонных сялян, пасадскіх людзей, паволжскіх народаў (чувашоў, мары, мардвы, татар) на Доне, у Паволжы і Слабадской Украіне. Выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва ў Цэнтр. Расіі і пашырэннем яго на паўд. і паўд.-ўсх. ўскраіны. Кіраўнікі: С.Ц.Разін, В.Р.Ус, Ф. Шалудзяк і інш. С.в. папярэднічаў у 1667—69 паход казацкай беднаты на чале з Разіным на р. Яік (цяпер Урал) і па Каспійскім м. (разрабаваны прыбярэжныя правінцыі Персіі, вызвалены рас. нявольнікі), пасля заканчэння якога Разін заснаваў на Доне апорны пункт — Кагальніцкі гарадок. Сюды збіраліся казакі і збеглыя сяляне. Вясной 1670 Разін захапіў уладу на Доне і на чале сваіх атрадаў пайшоў на Ніжнюю Волгу. Паўстанцы нанеслі паражэнні ўрадавым войскам, у маі—чэрв. 1670 авалодалі гарадамі Царыцын, Чорны Яр, Астрахань, дзе знішчылі царскіх ваявод і ўвялі самакіраванне на казацкі ўзор. У жн. 1670 Разін на чале войска (каля 10 тыс. чал.) пайшоў уверх па Волзе, авалодаў гарадамі Самара, Саратаў і інш., асадзіў Сімбірск. Ён і яго паплечнікі абвяшчалі, што ў іх войску нібыта знаходзяцца царэвіч Аляксей Аляксеевіч (сын Аляксея Міхайлавіча), які паводле бацькоўскага ўказа ідзе на Маскву «пабіць» баяр, дваран, ваявод і купцоў «за здраду», а таксама звергнуты патрыярх Нікан. У сваіх «спакусных лістах» Разін заклікаў паслужыць цару і «чорным людзям даць свабоду». Паўстанні ахапілі вялізную тэр. аж да цэнтр. раёнаў краіны: знішчаліся памешчыкі і іх прыказчыкі, ваяводы і інш. прадстаўнікі ўлады, стваралася мясц. самакіраванне. У кастр. 1670 ваявода Ю.Барацінскі разбіў каля Сімбірска гал. войска Разіна, які быў паранены і ўцёк на Дон. У канцы 1670 — пач. 1671 царскія войскі жорстка задушылі асн. ачагі сял. вайны, акрамя Астрахані. Заможныя казакі скінулі ўладу Разіна на Доне, у крас. 1671 схапілі яго і выдалі ўраду (16.6.1671 пакараны смерцю ў Маскве). Паўстанцы з Астрахані на чале з Ф.Шалудзяком у маі—чэрв. 1671 здзейснілі новы няўдалы паход на Сімбірск. У снеж. 1671 Астрахань здалася царскім войскам. Тэрмін «С.в. 1670—71», які замацаваўся ў сав. гіст. л-ры з 1930-х г., у сучаснай рас. гіст. л-ры (з пач. 1990-х г.) найчасцей замяняецца тэрмінам «паўстанне Разіна».
Літ.:
Степанов И.В. Крестьянская война в России в 1670—1671 гг. Т. 1—2 (ч. 1). Л., 1966—72;
Соловьев В.М. Поход за утраченной волей М., 1990;
Яго ж. Современники и потомки о восстании С.Т.Разина М., 1991.
М.Г.Нікіцін.
т. 15, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)